Минский городской исполнительный комитет
Першамайскі раён – светлай мары крыніца
Версия для слабовидящихДзяржаўны літаратурна-мемарыяльны музей Якуба Коласа
ПРЭС-РЭЛІЗ
Адкрыццё часовай экспазіцыі “Стаўбцоўшчына спартыўная”
Зусім хутка Мінск стане сталіцай правядзення ІІ Еўрапейскіх гульняў 2019. У рамках гэтай шырокамаштабнай падзеі плануецца правядзецце тэматычных мерпыемстваў не толькі на спартыўных пляцоўках краіны, але і ва ўстановах культуры.
12 чэрвеня 2019 года ў 16.00 Дзяржаўны літаратурна-мемарыяльны музей Якуба Коласа запрашае на ўрачыстае адкрыццё часовай экспазіцыі “Стаўбцоўшчына спартыўная”.
Сёння нельга знайсці ні адной сферы чалавечай дзейнасці, не звязанай з фізічнай культурай, паколькі фізічная культура і спорт агульнапрызнаныя матэрыяльныя і духоўныя каштоўнасці грамадства ў цэлым і кожнага чалавека паасобку.
Спартыўная тэма была блізкай і сям’і народнага паэта Беларусі. Канстанцін Міхайлавіч Міцкевіч (Якуб Колас) яшчэ падчас навучання ў Нясвіжскай настаўніцкай семінарыі цікавіўся фізічнай культурай. Любіў “падужыцца” са сваімі сябрамі-семінарыстамі – падымаў рукі, падгінаў кулакі, і з кожнага боку навешваліся па тры чалавекі. І як яны не стараліся, не маглі адагнуць рукі маладога паэта. Пясняр таксама вельмі любіў гуляць у шахматы са сваім сябрам Янкам Купалам. Захапляўся гульнёй у шаматы і старэйшы сын Якуба Коласа – Даніла Міцкевіч.
Мала хто ведае, што Колас быў выдатным стралком – у час Першай сусветнай вайны быў першым у сваёй роце па стральбе з нагана, ды і з малакаліберкі ён пасылаў у мішэнь куля за куляй. Яго здольнасці ў стральбе перадалася і сынам – Юрку і Міхасю. А любімым заняткам самаго Якуба Коласа было “ціхае паляванне” – збор грыбоў. Канстанцін Міхайлавіч добра ведаў грыбныя мясціны і час, калі з’яўляюцца грыбы. Самымі ж любімымі грыбамі прызнаваў чарнагаловыя баравікі-прыгажуны. Ён іх самым старанным чынам выразаў, корань падчышчаў нажом і акуратна клаў у кошык.
Выстаўка створана па матэрыялах прыватнага архіва былога загадчыка аддзелам культуры Стаўбцоўскага райвыканкама А.В.Грэкава і прымеркавана да галоўнай спартыўнай падзеі года - ІІ Еўрапейскіх гульняў 2019. Анатоль Васільевіч Грэкаў (1949–2012) быў чалавекам шматгранным, няўрымслівым, ініцыятыўным. Ён амаль чвэрць стагоддзя ўзначальваў аддзел культуры Стаўбцоўскага райвыканкама. Пад яго началам на Стаўбцоўшчыне было зроблена многае па ўвекавечванню памяці Якуба Коласа і іншых знакамітых людзей — ураджэнцаў гэтага краю. Па яго ініцыятыве ў родным куце Песняра прапісаліся і сталі прыкметнай з’явай у культурным асяродку Міншчыны, дый і ўсёй краіны, фестываль юных музыкантаў “Сымон-музыка”, літаратурнае свята “Каласавіны” і некаторыя іншыя мерапрыемствы, без якіх сёння нельга ўявіць Стаўбцоўшчыну.
Часовая экспазіцыя будзе прадстаўлена некалькімі тэматычнымі блокамі. Адзін з іх раскрывае асобу Анатоля Васільевіча як заўзятага калекцыянера і дэманструе экспанаты з яго асабістай калекцыі: футбольную атрыбутыку, кнігі і мячы з аўтографамі славутых футбалістаў і інш. Паралельна з асабістай калекцыяй Анатоля Васільевіча будуць прадстаўлены матэрыялы па адлюстраванні развіцця спорту на Стаўбцоўшчыне: па гісторыі і дзейнасці ДУ “Дзіцяча-юнацкая спартыўная школа Стаўбцоўскага раёна”, а таксама дзіцячыя малюнкі на спартыўную тэму выхаванцаў народнай студыі “Раніца” Шашкаўскай школы мастацтваў.
САРДЭЧНА ЗАПРАШАЕМ!
Адрас музея: г. Мінск, вул. Акадэмічная, 5.
Тэл. для даведак: 284-17-02, 284-05-55.
Афіцыйны сайт: www.yakubkolas.by