Минский городской исполнительный комитет
Першамайскі раён – светлай мары крыніца
Версия для слабовидящихМІНІСТЭРСТВА КУЛЬТУРЫ РЭСПУБЛІКІ БЕЛАРУСЬ
ДЗЯРЖАЎНЫ ЛІТАРАТУРНА-МЕМАРЫЯЛЬНЫ МУЗЕЙ ЯКУБА КОЛАСА (Г. МІНСК)
ПРЭС-РЭЛІЗ
Адкрыццё часовай экспазіцыі да 95-годдзя паэмы "Новая зямля" "Зямля – аснова ўсёй Айчыне" і 95-годдзя выкладання Якубам Коласам на настаўніцкіх курсах у Слуцку
Сёлета адзначаецца 95-годдзе паэмы Якуба Коласа "Новая зямля", якая па праву лічыцца энцыклапедыяй беларускага сялянскага жыцця. Гэта твор, які акумуліраваў у сваім невычэрпным змесце, у непаўторных, дасканала выпісаных вобразах усё лепшае, што здолела выпрацаваць беларуская літаратура за многія стагоддзі. І дакладна 95 гадоў мінула з часоў выкладання Якубам Коласам на настаўніцкіх палітыка-педагагічных курсах у Слуцку. Грамадскае і культурнае значэнне гэтых курсаў вельмі значнае, Якуб Колас чытаў лекцыі па граматыцы і методыцы выкладання беларускай мовы. Знакавай падзеяй стала таксама і чытанне Якубам Коласам урыўкаў "Новай зямлі" у ліпені 1923 года для курсантаў у Слуцку. З незвычайнай прыхільнасцю сустракалі будучага народнага паэта і першы беларускі “раман у вершах” – паэму "Новая зямля". За месяц вычытаўшы тэарэтычны і практычны курс, Якуб Колас адчуваў неабходнасць застацца, яго вельмі натхнілі тэмп заняткаў, агульны беларускі настрой, матываванасць актыўных настаўнікаў-беларусаў. Курсанты дэкламавалі вершы Якуба Коласа, класікаў польскай, рускай, беларускай літаратуры, на творчых сустрэчах спяваў хор.
Паэма "Новая зямля" – вышэйшае дасягненне беларускага паэтычнага эпасу, найбольш яскравая вобразна-эмацыйная маніфестацыя духоўнай моцы і жыццядзейнасці беларускай нацыі.
Часовая экспазіцыя, прысвечаная юбілею паэмы "Новая зямля", дае магчымасць пазнаёміцца з гісторыяй яе стварэння і дзейнасцю Якуба Коласа на слуцкіх настаўніцкіх курсах. З фондаў Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа будуць прадстаўлены архіўныя дакументы, пераклады, выданні паэмы "Новая зямля", ілюстрацыі, пастаноўкі на тэатральнай сцэне і экранізацыі.
Сардэчна запрашаем!
Адрас музея: г. Мінск, вул. Акадэмічная, 5.
Афіцыйны сайт: www.yakubkolas.by